s-1
| Над схаванымі ў цемры прасторамі ціха ляжала летняя ноч. |
s-2
| Слабыя подыхі цёплага ветрыку асцярожна неслі з сабой кволыя шолахі ніў і густыя духмяныя пахі выспелых мурожных сенажацяў. |
s-3
| У нябачным травяністым наваколлі старанным хорам верашчалі конікі, недзе ўдалечыні глухімі ўздыхамі аддавалася гарматная страляніна, угары, прыкрыты цемрай, праракатаў і сціх «кукурузнік». |
s-4
| Павевы ветру даносілі і іншыя гукі, невыразныя і падазроныя, але тых, што намагаўся ўчуць Максім, не было ў начной цішыні. |
s-5
| Тады закралася сумненне, якое парушыла разважлівы спакой чалавека. |
s-6
| Апаслівыя думкі заснавалі ў яго галаве, але трэба было або ехаць наперад, або вяртацца назад. |
s-7
| Намаганнем волі Максім усё ж адагнаў благія прадчуванні і, разважыўшы, рашыў, што батальён павінен быць далей, наперадзе. |
s-8
| Гэтае меркаванне хоць і не суняло ўзнікшай трывогі, але крыху супакоіла чалавека. |
s-9
| Коні, нібы зразумеўшы намер гаспадара, ахвотна падаліся па мяккай палявой дарозе. |
s-10
| Максім Корань — ездавы сёмай роты. |
s-11
| Гэтую вайсковую пасаду заняў ён нядаўна, і прычынай таму быў яго ўзрост — Корань лічыўся самым старым салдатам у роце. |
s-12
| Максім цяпер разумеў, што з такімі гадамі хоць і давялося трапіць на фронт, але ваяваць ужо наўрад ці прыйдзецца. |
s-13
| Есць у войску старшыны, якія заўсёды цікуюць старога, каб са строю забраць яго да коней або да кухні ці яшчэ куды, дзе патрэбны дбайны, надзейны гаспадар. |
s-14
| Праўда, Максім не вельмі і нудзіўся па тым стралковым узводзе, у якім ён нядоўга служыў дагэтуль. |
s-15
| «Эт,— разважаў ён,— калі нягож у страі, дык і няма чаго лезці туды. |
s-16
| Начальству лепш відаць, дзе тваё месца». |
s-17
| Нядаўна па загадзе старшыны прыняў ён пару спраўных трафейных коней і цяжкую, акутую жалезам вайсковую каламажку. |
s-18
| Так пачалася яго служба на новай пасадзе, служба спакойная і аднастайная, мала чым падобная да вайсковай. |
s-19
| Максім ведаў толькі клопаты пра коней ды паклажу, выконваў старшыновы загады, асцерагаўся бамбёжкі ды баяўся часам задрамаць на возе, каб не адстаць ад абозу. |
s-20
| Пад бамбёжку, праўда, трапіць не давялося, а адстаць вось здарыўся выпадак. |
s-21
| «і як недарэчна выйшла, — думаў Максім. |
s-22
| — Каб ён згарэў, той вобад. |
s-23
| Трэба ж было яму збракаваць у цемры. |
s-24
| Даганяй цяпер батальён, шукай сярод ночы». |
s-25
| — Нэ-нэ, любыя, варушыся, — упаўголаса, лагодна падганяе Максім коней, седзячы на перадку, і немаладымі вачыма імкнецца разгледзець што-небудзь наперадзе. |
s-26
| Але ноч выдалася не палетняму цёмная, у ёй і з добрым зрокам нічога нельга было ўбачыць. |
s-27
| Зямля да раніцы старанна схавала сваё аблічча, каб заўтра сустрэць сонца новым, пасвяжэлым хараством. |
s-28
| Толькі высокае зорнае неба, уладарна ўзнёсшыся над ёю, поўнілася бляскам і няспыннай мітуснёю зор. |
s-29
| Злёгку варушачы лейцамі, Максім з непрыемнасцю думаў, што цяпер, пэўна, пападзе ад старшыны. |
s-30
| Аднойчы між імі ўжо была сутычка: старшына задаў перцу ездавому, не абышлося, вядома, і без моцнага слова. |
s-31
| Яно крыўдна, праўда, але, бадай, справядліва. |
s-32
| Максім і сам невялікай думкі аб уласных якасцях. |
s-33
| Дый якія там якасці, калі чалавеку з паўсотні год, маладосць пражыў цёмным мужыком, без пісьменнасці, у працы ды нястачы. |
s-34
| Нават і чыгункі не бачыў ніколі, і дзе яе ўбачыш, калі да найбліжэйшай станцыі было дзевяноста вёрст. |
s-35
| Так, у лясной глушы, пад панскай уладай і ішло жыццё. |
s-36
| Толькі ў 39-м з’явілася надзея, акрыяў духам, ды ненадоўга. |
s-37
| Зноў жыццё пайшло вірам, у вайну загінуў старэйшы сын, памерла старая... |
s-38
| Дый сам пастарэў да часу, знік былы спрыт у працы, надламаўся характар. |
s-39
| Дзе яму цяпер раўняцца з маладымі ды разумнымі. |
s-40
| «Ну і хай, — суцяшае сябе Максім, — хоць бы і абознік. |
s-41
| Усё ж трэба камусьці быць і пры возе...» |
s-42
| А коні Максіму спадабаліся. |
s-43
| У сваім жыцці не давялося мець добрых, дык цяпер вайсковыя не на жарт захапілі сялянскую душу байца. |
s-44
| Што і казаць: добрыя былі коні, у гаспадарку б такіх, у плуг з накаваным новым лемехам, на ўрадлівую зямлю... |
s-45
| Так, крыху паспакайнеўшы, думаў ездавы, а коні ішлі як самі хацелі — дзе трушком, а дзе і крокам. |
s-46
| Яны ўжо мінулі поле і дасягнулі хваёвага ўзлеску, які змрочнай сцяной паўстаў на Максімавым шляху. |
s-47
| Дарога стала пясчанай, і фурманка амаль не скрыпела і не стукала. |
s-48
| Толькі зрэдку, трапіўшы на карнявішча, яна аднабока перавальвалася пярэднімі і заднімі коламі. |
s-49
| У гэтай таемнай лясной прыцішанасці Максіму зноў зрабілася ніякавата, і ён, сілячыся не бразнуць чым, каб не парушыць цішыні, узяў з воза вінтоўку. |
s-50
| Пэўна ад надакучлівай адзіноты Максім прыпомніў былы свой трэці ўзвод, камандзіра аддзялення татарына Сагітава, які вучыў яго страляць і акопвацца. |
s-51
| З акопваннем, праўда, справа ішла паспяхова, а вось у стральбе не шанцавала Максіму. |
s-52
| «Які ўжо там з мяне стралец, — ухмыляецца ездавы, — у жыцці ружжа не трымаў, не то што вайсковай стрэльбы». |
s-53
| Аднак, трапіўшы надоечы да коней, ён выпрасіў у старшыны вінтоўку, а трафейны карабін аддаў назад. |
s-54
| — Бо ямчэй мне з ёю: усё ж руская. |
s-55
| Ды і даўжэйшая, далей возьме, — вытлумачыў Корань. |
s-56
| Цяпер гэтую вінтоўку прымасціў ён на каленях, але ў такім стане яна перашкаджала кіраваць коньмі, і Максім узяў яе на рэмень. |
s-57
| Потым, прызвычаіўшыся да лясной дарогі і крыху супакоіўшыся, баец уздзеў яе за спіну, як і належала ездавому. |
s-58
| Неўзабаве лес скончыўся і зноў пачалося поле. |
s-59
| Цемра нібы парадзела, расступілася, але паранейшаму воддаль ад дарогі нічога нельга было ўбачыць. |
s-60
| Коні ступалі жвава, ім таксама надакучыла падарожжа, і яны прыкметна імкнуліся наперад. |
s-61
| А ноч зачароўвала хараством. |
s-62
| Струменілі раслінныя пахі, цёплай дрымотаю павяваў ласкавы ветрык, і ў недасяглай вышыні незразумелай мігатлівай музыкай трапяталіся зоркі. |
s-63
| Дні стаялі спякотныя, з рэдкімі пераходнымі навальніцамі, ад нагрэтай зямлі за поўнач зыходзіла цеплыня. |
s-64
| А раніцай збажына і даспелыя травы зіхацелі срэбнымі росамі, і ззялі ў доле іскрыстыя зоркі, нібы апаўшы з неба ўначы. |
s-65
| Захоплены думкамі, Максім не адразу заўважыў, што коні чамусьці прыцішылі хаду і нарэшце нерашуча спыніліся. |
s-66
| Ездавы спрабаваў быў тузануць лейцамі, але гэта не падзейнічала, тады ён не замарудзіў злезці. |
s-67
| Праз колькі крокаў перад ім у цёмным небе высіўся адзінокі крыж раздарожжа. |
s-68
| Вузенькая дарожка дзялілася на дзве, і тыя, абышоўшы змрочнага «Ісуса», разыходзіліся ў розных напрамках. |
s-69
| Максім благім словам памянуў цёмную ноч і тое няладнае кола, што прымусіла яго блукаць немаведама дзе, мо’ нават ужо ў тыле ворага. |
s-70
| Максіму раптам стала боязна, ён хуценька ўскочыў на сваё месца і звярнуў улева. |
s-71
| Але, не праехаўшы і сотні крокаў, ездавы спыніўся, падумаў і крута завярнуў назад паўз крыж, на другую дарогу. |
s-72
| Цяпер ужо было відавочна, што абознік Максім Корань заблудзіў, адстаў ад сваіх, згубіў батальён, і хто ведае, куды выедзе ў гэтай цемры на незнаёмай мясцовасці. |
s-73
| Зноў узнікла трывога, ды ўжо мацнейшая, чым першы раз, трывога і адчуванне страху, няўпэўненасці, калі няма яснай думкі ў галаве, а расшыраныя вочы імкнуцца пранікнуць у цемру. |
s-74
| І раптам зусім блізка наперадзе надрыўны вокліч скалануў цішыню. |
s-75
| Ад нечаканасці спалохана захраплі коні, а ў Максіма, здаецца, адарвалася сэрца і жудаснае здранцвенне на якую секунду адабрала розум і сілы. |
s-76
| Мімаволі сама па сабе шыбанула ў голаў страшная здагадка — немцы! |
s-77
| На другі такі ж вокліч Максім рвануў лейцы, — коні, адчуўшы нядобрае, паслухмяна кінуліся ўбок, але ў тое ж імгненне з цемры ўдарыла аўтаматная чарга. |
s-78
| Максім адчуў толькі, як, лязгнуўшы па коле, рыкашэтам зыўкнула куля. |
s-79
| Коні знянацку рвануліся, а ён, не ўтрымаўшыся на краі сядзення, нязграбна бразнуўся з брычкі. |
s-80
| «Вось і ўсё, канец!» |
s-81
| Ні жалю, ні думкі, адно самотнае прадчуванне пагібелі ахапіла ездавога. |
s-82
| Жах скаваў розум, цела апанаваў халодны панылы боль. |
s-83
| Максім не кратаўся, у смяротнай роспачы сутаргава ўпіліся ў імшыстую мякаць пожні яго вузлаватыя пальцы. |
s-84
| Без руху з паўхвіліны Максім усёй істотай чакаў апошніх стрэлаў, якія прыкончылі б яго, але стрэлаў чамусьці не было. |
s-85
| Тады паволі пачала вяртацца развага. |
s-86
| Яшчэ не адчутае да канца нешта новае, падобнае на злосць, з’явілася ў яго настроі. |
s-87
| Максім крануўся — моцна балела плячо і нага, але асаблівых пашкоджанняў, здаецца, не было. |
s-88
| Ён хацеў ужо ўставаць, ды пачуў непадалёку таропкія крокі і цяжкае чалавечае дыханне. |
s-89
| На зорным фоне відаць было, як зусім блізка, баязліва прыгнуўшыся, прабеглі ўслед коням дзве цьмяныя постаці. |
s-90
| Максім адразу пазнаў гэтыя ненавісныя постаці: надоўга адбіліся яны ў памяці чалавека. |
s-91
| «Яны ж забяруць фурманку», — шыбанула новая думка, і крыўда хлынула ў сэрца старога. |
s-92
| Праз нейкі час, калі крыху суняўся першы спалох, у пачуццях чалавека ўзнікла адчуванне адказнасці за свой абавязак салдата. |
s-93
| Перамагаючы боль, ездавы павярнуўся на бок і дастаў з—за спіны вінтоўку. |
s-94
| Рукі яго дрыжалі і ўсё не маглі зладзіць з тугім затворам, і наогул ён не ведаў, што зробіць зараз, толькі жаданне неяк супраціўляцца ўсё болей мацнела ў ім. |
s-95
| Максім узняўся і, згорбіўшыся, кульгаючы на правую нагу, падаўся ўслед за ворагамі. |
s-96
| Зараджаную вінтоўку ён ухапіў за канец ствала і бяссільна цягнуў яе, нібы цяжкую і нязручную прыладу. |
s-97
| Збянтэжаны і ўзрушаны здарэннем, у гарачцы хвалявання ён дрэнна ўяўляў сэнс падзей і, бадай, трапіў бы ў рукі ворагаў, калі б тыя першыя заўважылі яго. |
s-98
| Але гітлераўцы, злавіўшы напалоханых коней, пэўна, рашылі, што ездавы ўцёк, і, пачакаўшы крыху, павярнулі ў свой бок. |
s-99
| Максім тады і сустрэў іх. |
s-100
| Адчуўшы спрыт і асцярогу, што раптам з’явіліся ў ім, ездавы адскочыў убок і прытуліўся да зямлі. |