s-1
| Цягнік спыняўся. |
s-2
| Усё павольней стукалі колы пад падлогай. |
s-3
| Цішэй і цішэй плылі будынкі за вокнамі. |
s-4
| Людзі замітусіліся, заспяшаліся так, быццам неспадзеўкі здарыўся пажар, і праз момант амаль увесь вагон, з мяшэчкамі, чамаданамі, клункамі, ужо тоўпіўся каля дзвярэй. |
s-5
| Яна таксама заспяшалася. |
s-6
| Завязала звыкла, па-вясковаму, хустку, узяла круглы фанерны чамаданчык і пачала праціскацца да выхаду. |
s-7
| На пероне былі яшчэ большая мітусня, шум і неспакой, і яна разгубілася. |
s-8
| Як бы чакаючы падтрымкі, жанчына нейкі час стаяла нерухома, азіраючыся па баках. |
s-9
| Вочы яе, па-старэчаму выцвілыя, цьмяныя, калісьці шэрыя, ажыўляла прыкметная трывога і надзея, — яна кагосьці выглядвала ў незнаёмым натоўпе. |
s-10
| Калі перон сціх, апусцеў, старая, маленькая, з храшчаватым носам, абпаленым сонцам, у просценькай суконнай жакетцы і кірзавых ботах, услед за апошнімі пасажырамі выйшла на прывакзальную плошчу. |
s-11
| У нейкага сустрэчнага жанчына нясмела запыталася, дзе знайсці вуліцу Рэволюцыйную. |
s-12
| Чалавек буркнуў у адказ, што ён праезджы і нічога тут не ведае. |
s-13
| Ёй параілі даведацца ў міліцыянера, што стаяў па другі бок плошчы каля круглай шкляной будкі. |
s-14
| Краем тратуара старая нясмела падышла да гэтай дзіўнай збудовы, падобнай на казачна вялікую шклянку. |
s-15
| Міліцыянер ужо сядзеў у «шклянцы». |
s-16
| Старая знакамі папрасіла яго выйсці і, калі ён вылез са «шклянкі», запыталася, дзе тут знайсці вуліцу Рэвалюцыйную. |
s-17
| — Рэвалюцыйная тут недалёка, грамадзянка, — аглядваючы яе, павучальна, тонам настаўніка, адказаў міліцыянер. |
s-18
| — Вось пройдзеце па гэтай вуліцы квартал, потым налева квартал — адзін, потым другі. |
s-19
| Трэцяя вуліца якраз і будзе ваша. |
s-20
| Яна падзякавала, намерылася ўжо ісці, але, хвіліну павагаўшыся, прамовіла няўпэўнена: — Скажыце, добры чалавек, а можа, вы ведаеце часам Кульбіцкага Трахіма?.. |
s-21
| — Кульбіцкага? — перапытаў міліцыянер. |
s-22
| — Ведаю аднаго такога. |
s-23
| На Рэвалюцыйнай якраз жыве. |
s-24
| Трахім Андрэевіч зваць? |
s-25
| — Трахім!.. Трахім Андрэевіч, — паправілася ўзрадавана старая. |
s-26
| Ёй захацелася з вясковай простасардэчнасцю расказаць, хто яна Трахіму і чаго едзе, але міліцыянер, відаць, не меў ахвоты ўдавацца ў лірыку, — ён казырнуў старой і павярнуўся да «шклянкі». |
s-27
| Яна не пакрыўдзілася на гэту няветлівасць, — старая адчувала сябе шчасліваю. |
s-28
| Вось і знайшліся сляды сына!.. |
s-29
| Цяпер яна ішла па гораду ўжо з інакшым настроем: яна нібы бачыла яго поруч з сабою, свайго Трахіма. |
s-30
| Ён нібы вёў яе па гэтым шумлівым тратуары. |
s-31
| Чуючы яго поруч, яна спакайней пазірала навокал, на ўсе цуды і дзівы вірлівай незнаёмай вуліцы. |
s-32
| Яна акідвала позіркам стракатую аздобу вітрын, зацікаўлена праводзіла вачыма тралейбусы, дзівілася мноству народу на вуліцах, чысціні тратуараў, вопраткам і кволасці жанчын. |
s-33
| За ўсё сваё жыццё ёй не даводзілася быць у такім вялікім горадзе. |
s-34
| Яна жыла сярод лясоў і палёў, у ціхай вёсачцы. |
s-35
| Адразу за хатамі там пачыналіся зараснікі хвойніку, за якім наводдалек было балота, аксамітны, заўсёды зялёны луг; з аднаго боку да хат падступала разлеглае поле, на якім, як і ў лесе, ёй усё да самай малой драбніцы было знаёма. |
s-36
| Ганна або Андрэіха, як яе звалі суседзі па імені нябожчыка-мужа, неахвотна і рэдка пераступала гэты звыклы ёй абсяг. |
s-37
| Амаль усё, што трэба было, ёй маглі даць у суседняй вёсцы, дзе быў сельсавет, — там яна магла купіць, што трэба, узяць даведку, схадзіць да доктара. |
s-38
| Была яна многа разоў у райцэнтры, разоў пяць у Бабруйску, але ні раённы гарадок, ні нават Бабруйск ніяк не маглі раўняцца з гэтым агромністым, такім неспакойным горадам. |
s-39
| Яна ступала на вуліцы, што перабівалі ёй шлях, кожны раз з асцярогай. |
s-40
| Ці з аднаго, ці з другога боку імчаліся да яе аўтамабілі, і яна непакоілася, як бы каторы з іх не зачапіў. |
s-41
| Але ўсё абышлося добра. |
s-42
| Неўзабаве жанчына ўжо ўваходзіла на двор таго дома, дзе жыў Трахім. |
s-43
| Дом быў невялікі, стары, на два паверхі, ашаляваны на другім паверсе дошкамі, пацямнелымі ад дажджоў і часу. |
s-44
| Убачыўшы непадалёк маладога чалавека ў міліцэйскай форме, старая запыталася, ці не ведае ён, дзе тут жыве Трахім Кульбіцкі. |
s-45
| — Ведаю, — адказаў смуглявы, загарэлы, чорнабровы, падобны на грузіна хлопец. |
s-46
| — Вось у гэтыя дзверы, на другі паверх. |
s-47
| — Яна ўжо намерылася была падацца туды, але хлопец папярэдзіў: — Яго зараз дома няма. |
s-48
| На пасту ён... |
s-49
| — А-а, — пашкадавала старая. |
s-50
| — А вы, дазвольце, хто яму будзеце? |
s-51
| — Маці. |
s-52
| — Чаго ж ён не сустрэў вас? |
s-53
| Дзіўна проста... |
s-54
| — Ён не ведаў, што сёння... |
s-55
| Хлопец запрасіў яе да сябе ў пакой, пазнаёміў са сваёй жонкай. |
s-56
| Ён пажартаваў, што каб Трахім быў жанаты, то ёй, маці, не давялося б прыйсці да пустога пакоя, параіў жаніць сына. |
s-57
| Міліцыянер амаль адразу ж падаўся па нейкіх сваіх справах, і старая Ганна засталася ўдваіх з жанчынаю, маладою, поўнацелаю, з бялявымі, гладка зачэсанымі назад валасамі. |
s-58
| Яна была прыкладна ў сярэдзіне цяжарнасці, хадзіла мякка, перавальваючыся з боку на бок, як гусыня. |
s-59
| Гаспадыня аказалася простаю і ветліваю, і старая неўзабаве адчула сябе як дома. |
s-60
| Піла чай, апавядала пра тое, які быў Трахім маленькі, як дабіралася сюды. |
s-61
| — От, шкада, што не застала! — уздыхнула раптам старая, перапыніўшы сваю гаворку. |
s-62
| — А можа, пайсці туды можна, да яго, паглядзець? |
s-63
| — Ды чаму ж не? |
s-64
| Ён на вуліцы стаіць, на скрыжаванні... |
s-65
| Усе глядзяць. |
s-66
| Толькі вы не спяшайцеся. |
s-67
| Ён, мусіць, хутка зменіцца. |
s-68
| — Карціць мне, донечка. |
s-69
| Даўненька не бачыліся, — прамовіла старая, просячы вачыма. |
s-70
| — Можа б, правяла? |
s-71
| Гаспадыня згадзілася, і старая, пакінуўшы чамаданчык, заспяшалася на вуліцу. |
s-72
| Ідучы поруч з жанчынай, старая думала пра Трахіма, думала пра яго жыццё, пра свае даўнія клопаты і скруху... |
s-73
| Думкі пра Трахіма заўсёды абуджалі ў ёй трывогу. |
s-74
| Не адзін Трахім быў у яе, але шасцёра другіх дзяцей матчына сэрца мала непакоілі, — не таму, што яны менш дарагімі былі яму, а таму, што жыццё ў іх ішло роўнае, яснае. |
s-75
| Два старэйшых сыны ажаніліся, дочкі павыходзілі замуж, яна ўжо мела ўнукаў. |
s-76
| Усе жылі каля яе, на прыглядзе, хаты іх стаялі амаль побач, і не мінала такога дня, каб яны не бачыліся, не мінала такой падзеі ў іх жыцці, якой яна не заўважыла б. |
s-77
| Была і ў іх свая скруха, няўдачы, але часовыя, а наогул усё ішло як звычайна, як у другіх людзей. |
s-78
| У Трахіма жыццё не ладзілася. |
s-79
| Толькі тры гады правучыўся ў школе, як найшла, напала вайна, — давялося хавацца па лесе, па балоце. |
s-80
| У апошні год Трахім ужо вінтоўку насіў, у партызаны падаўся, рослым быў, чубок адпусціў нават. |
s-81
| І калі вайна сышла, у школу вярнуўся неахвотна. |
s-82
| Правучыўшыся год, паехаў на лесанарыхтоўкі, потым перабраўся ў горад. |
s-83
| Ад таго часу і пачалося тое жыццё, якое заўсёды трывожыла яе. |
s-84
| Кім ён толькі не быў, якой працы не паспрабаваў — нідзе не затрымліваўся доўга. |
s-85
| У сяле яго ахрысцілі «шалапутным». |
s-86
| «Трахімка, дакуль жа ты будзеш такім?» — запытала яна, калі сын прыехаў у госці. |
s-87
| «Усё, мама, канец таму! |
s-88
| Не да душы раней было, цяпер — знайшоў... |
s-89
| Усё будзе інакш!..» |
s-90
| Трахім сказаў ёй пра сваю надзею-мару паступіць на курсы шафёраў; па тым, як сын казаў, яна адчула, што гэта ў ім глыбока, надоўга. |
s-91
| «Дай божа табе ўдачы!» — пажадала ўсцешана яна. |
s-92
| Але яму не пашанцавала. |
s-93
| Трахім, чула яна, «зрэзаўся», не вытрымаў экзаменаў. |
s-94
| Хутка прыйшла пара служыць у арміі, а пасля службы Трахім напісаў, што паступіў рабіць у міліцыю, у нейкае Оруд, што праца добрая і нібыта падабаецца яму. |
s-95
| Задаволеная, маці паказала пісьмо зяцю, гародніку, чалавеку сур'ёзнаму, паважанаму, і той зноў пасяліў у сэрцы маці вечны непакой за Трахіма. |
s-96
| «Праца! — працадзіў зяць. |
s-97
| — Няма чаго сказаць — праца!» |
s-98
| Маці пачула нядобрае. |
s-99
| «Паганая?» |
s-100
| Зяць толькі сказаў: «Оруд!» |