s-202
| Змяшчае каля 1500 палявых запісаў розных жанраў народнай прозы беларусаў Падзвіння. |
s-203
| Каштоўны вучэбна-хрэстаматыйны матэрыял дазваляе аптымізаваць навучальны працэс па дысцыплінах “Этналогія і этнаграфія Беларусі”, “Гістарычнае краязнаўства Беларусі”, “Беларускі фальклор” і спецкурсах, тэматычна з імі звязаных. |
s-204
| Прадстаўленыя ўзоры народнай прозы ва ўсёй сваёй разнастайнасці і варыятыўнасці выступаюць як адлюстраванне традыцыйнай карціны свету беларусаў Падзвіння ва ўсёй сукупнасці яе сегментаў і сімвалічных значэнняў. |
s-205
| Панарамны, максімальна шырокі ў сюжэтным плане характар зборніка ўяўляецца своеасаблівым адбіткам фальклорнай памяці ў яе калектыўным і індывідуальным вымярэнні ад казачнай прозы да ўспамінаў пра калектывізацыю і вайну. |
s-206
| Прызначаны для студэнтаў гістарычных і філалагічных спецыяльнасцяў дзённай і завочнай формы навучання, а таксама даследчыкаў у галіне народазнаўства. |
s-207
| © Лобач У. А., укладанне, 2011 |
s-208
| ISBN 978-985-531-191-2 |
s-209
| © УА “Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт”, 2011 |
s-210
| Светлай памяці маіх дзядоў: Мацвея і Ксеніі Лобач, Івана і Марыі Архіцкіх |
s-211
| ПРАДМОВА |
s-212
| Другі выпуск “Полацкага этнаграфічнага зборніка” прысвечаны народнай прозе беларусаў Падзвіння, прадстаўленай у выданні разнастайнымі фальклорнымі жанрамі і тэматычнымі блокамі. |
s-213
| Разам з тым, хацелася б адразу падкрэсліць, што зборнік не з’яўляецца фальклорным выданнем у класічным яго разуменні, калі акцэнт, перадусім, робіцца на “чысціні жанру”, а палявы матэрыял структуруецца ў строгай адпаведнасці з прынятай у навуцы класіфікацыяй народнага наратыву. |
s-214
| Бо, калі сыходзіць з ментальных установак і светапоглядных арыентацый носьбітаў традыцыі, аказваецца, што шэраг навуковых дэфініцый з’яўляюцца знешнімі і штучнымі ў дачыненні да рэалій традыцыйнай карціны свету. |
s-215
| Так, напрыклад, былічка, як адзін з найбольш распаўсюджаных празаічных жанраў фальклора, вызначаецца як “вуснае апавяданне-мемарат (успамін) пра быццам бы меўшыя месца звышнатуральныя з’явы: сустрэчы, драматычныя сутыкненні самога апавядальніка ці знаёмага яму чалавека з увасобленым духам прыроды (лесавіком, вадзянікам...), хатнім духам (дамавым, гуменнікам...), іншай дэманічнай істотай (чортам, ваўкалакам...), а таксама ведзьмай, чараўніком і іншай нячыстай сілай”1. |
s-216
| 1 Восточнославянский фольклор: слов. науч. и нар. терминологии. Минск, 1993. – С. 26. |
s-217
| Але палявыя даследаванні паказваюць, што прыведзенае вызначэнне ёсць суб’ектыўна-скептычным і скажоным у дачыненні да рэчаіснасці, адлюстраванай фальклорным чынам. |
s-218
| Недавер даследчыка (“быццам бы мела месца”) да актуалій традыцыйнай культуры ўступае ў светапоглядны канфлікт са шчырым перакананнем прадстаўніка традыцыйнай супольнасці ў праўдзівасці таго, пра што ён распавядае. |
s-219
| У прыватнасці, гэта датычыцца шматлікіх гісторый пра чараўнікоў і ведзьмаў – абсалютна рэальных людзей канкрэтнай вясковай грамады, учынкі якіх апісваюцца рэспандэнтамі фактурна і, з гледзішча вяскоўца, абсалютна доказна. |
s-220
| Відавочная суб’ектыўная ацэнаначнасьць кабінетных катэгорый у дачыненні да жывога палатна традыцыйнай культуры вымусіла выкарыстоўваць класіфікацыйныя схемы пры ўкладанні зборніка толькі часткова (раздзелы “Казкі”, “Легенды і паданні”, “Тапанімічныя паданні”). |
s-221
| Асноўным жа прынцыпам структуравання палявых запісаў стаў тэматычны падыход, калі асобныя раздзелы (падраздзелы) кампанаваліся вербалізаванымі актуаліямі аднаго парадку. |
s-222
| Іншымі словамі, матэрыял групаваўся суадносна з адказамі рэспандэнтаў на пытаньне, аднолькава значнае як з гледзішча палявога даследчыка, так і ўласна носьбіта традыцыі. |
s-223
| Такім чынам скампанаваныя раздзелы “Чорт”, “Зданкі”, “Сны”, “Чараўнікі і ведзьмы”, “Знахары і знахаркі”, “Народная медыцына”, “Жывыя і памерлыя”, “Вусная гісторыя”, “Чужынцы” і шэраг іншых. |
s-224
| Прынцыповым момантам пры ўкладанні зборніка стала ўсведамленне таго, што народная проза ва ўсёй сваёй разнастайнасці і варыятыўнасці з’яўляецца вербальна аформленым адлюстраваннем традыцыйнай карціны свету беларусаў Падзвіння ва ўсёй сукупнасці яе сегментаў і сімвалічных значэнняў. |
s-225
| Адсюль, галоўная задача палягала не ў інтэрпрэтацыі, але ў максімальна дакладнай рэтрансляцыі “голасу традыцыі” у яго лакальнай форме рэпрэзентацыі. |
s-226
| Гэта тлумачыць і панарамны, максімальна шырокі ў сюжэтным плане характар зборніка, які змяшчае ў сабе своеасаблівы адбітак фальклорнай памяці ў яе калектыўным і індывідуальным вымярэнні, пачынаючы ад казачнай прозы і скончваючы ўспамінамі пра калектывізацыю і вайну. |
s-227
| Пры гэтым, укладальнік свядома адмовіўся ад знешняй іерархізацыі палявога матэрыялу, паколькі традыцыйная карціна свету сама па сабе выступае “фільтрам” фальклорнай памяці, у выніку чаго яна захоўвае інфармацыю толькі знакавую і значную для чалавека і калектыва ў цэлым. |
s-228
| Іншая справа, што кожны інфармацыйны блок (ці то легенды пра “падарожнага Бога”, ці то аповяд пра выхаванне дзяцей) рэактуалізуецца ў традыцыйнай свядомасці выключна сітуатыўна і “абслугоўвае” канкрэтную запатрабаванасць утылітарнага альбо сімвалічнага плана. |
s-229
| Зборнік змяшчае ў сабе каля 1500 аўтэнтычных запісаў, зробленых падчас палявых экспедыцый 1992 – 2010 гг. на тэрыторыі Беларускага Падзвіння. |
s-230
| Аднак, трэба адзначыць, што найбольшая колькасць тэкстаў зафіксавана ў цэнтральнай частцы рэгіёна (Лепельскі, Глыбоцкі, Докшыцкі, Полацкі, Ушацкі і сумежныя з імі раёны), у той час як перэферыйныя раёны (Браслаўскі, Гарадоцкі, Лёзненскі, Расонскі) прадстаўлены ў меншай ступені. |
s-231
| Гэтая акалічнасць не азначае горшага ўзроўню захаванасці народнай традыцыі ў азначаных зонах, але толькі ўказвае на перспектывы іх больш грунтоўнага палявога даследавання. |
s-232
| Пры парадкаванні зборніка было палічана мэтазгодным уключыць у яго матэрыялы, запісаныя ад перасяленцаў з раёнаў Магілёўшчыны і Гомельшчыны, пацярпелых у выніку Чарнобыльскай трагедыі, паколькі яны даюць магчымасць нагляднага параўнання лакальных форм бытавання народнай традыцыі. |
s-233
| Таксама быў уключаны шэраг палявых запісаў з Паўночнай Барысаўшчыны, якая хоць і адносіцца да гісторыка-этнаграфічнага рэгіёну Цэнтральнай Беларусі, але ў сферы традыцыйнай культуры выяўляе тыпалагічнае падабенства з Беларускім Падзвіннем. |
s-234
| Практычная значнасць выдання палягае далёка не толькі ў яго вучэбна-метадычнай функцыянальнасці ў рамках выкладання такіх дысцыплін, як “Беларуская мова”, “Беларускі фальклор”, “Этнаграфія і этналогія Беларусі”, “Гістарычнае краязнаўства Беларусі” і шэрагу іншых. |
s-235
| Несумненнай стае навуковая значнасць зборніка, што, па сутнасці, уяўляе сабой абшырны корпус першакрыніц, упершыню ўведзеных у зварот, якія могуць быць плённа выкарыстаныя ў народазнаўчых даследаваннях рознай тэматычнай скіраванасці (традыцыйныя вераванні, народная медыцына, міфапаэтычная карціна свету, сімволіка культурнага ландшафту, этнастэрэатыпы, рытуальныя паводзіны, народная этыка, этнапедагогіка і г.д.), а таксама ва ўласна гістарычных штудыях (раздзел “Вусная гісторыя”) і ў працэсе археалагічнага вывучэння рэгіёну (раздзел “Тапанімічныя паданні”2). |
s-236
| Асобна трэба адзначыць, што праца над зборнікам акумулявала не толькі намаганні выкладчыкаў (Аўсечык У., Філіпенка У.), магістрантаў, супрацоўнікаў (Азевіч І., Бабіч А., Кавалёва І., Лупенько Т.) і студэнтаў (Захарэвіч А., Клопава С., Красько Г., Лях В., Пузікава К., Шаўчэнка Я. і шмат інш.) Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. |
s-237
| Каштоўныя палявыя матэрыялы былі перададзены “Студэнцкім этнаграфічным таварыствам” (СЭТ), старшыня якога (Глушко А.) шмат зрабіў для вывучэння традыцыйнай культуры беларусаў Падзвіння і арганізацыі сумесных з ПДУ экспедыцый у рэгіёне. |
s-238
| Далёка не поўным быў бы зборнік і без запісаў навуковых супрацоўнікаў НАН Беларусі – Боганевай А. і Васільевай І., а таксама без дапамогі з боку краязнаўцаў – Скварчэўскага Дз. і Тухто В. |
s-239
| Вялікую падзяку хацелася б выказаць і загадчыцы сектара этналінгвістыкі і фальклору Інстытута мовы і літаратуры НАН Беларусі Валодзінай Т., якая не толькі прадаставіла свае ўласныя палявыя запісы, але аказала значную дапамогу пры правядзенні палявых даследаванняў і сістэматызацыі фальклорных матэрыялаў. |
s-240
| Аднак самая вялікая і сардэчная ўдзячнасць адрасуецца ўсім тым людзям, якія шчыра дзяліліся з экспедыцыянерамі сваімі непаўторнымі словамі пра сябе саміх і свой свет, у якіх увасобілася мудрасць шматлікіх пакаленняў і ўнікальны каларыт нашай этнічнай традыцыі. |
s-241
| 2 Раздзел “Тапанімічныя паданні” падрыхтаваны пры фінансавай падтрымцы БРФФД. |
s-242
| Конкурс “Полацк – 2009”. |
s-243
| Тэма ГБ 0729 “Аб’екты сакральнай тапаграфіі ў сістэме духоўнай культуры беларусаў Полацкага Падзвіння ХХ – пачатку ХХІ ст.” |